Афіцыйны сайт
Адрас райвыканкама:
230029, г. Гродна,
вул. Горкага, 51
Электронная пошта:
info@rik.by, grrik@mail.grodno.by
Тэлефон: 8 (0152) 72-01-40
Факс: 8 (0152) 72-16-17

Гісторыя

Горад Гродна, паводле дадзеных археалагічных даследаванняў, узнік у канцы Х стагоддзя. Упершыню горад (Гародня, Горадня, Горадзен) узгадваецца ў 1128г. у Іпацьеўскім летапісе, а ў Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім(Кенігсбергскім) летапісах ў 1127 годзе. З гэтага часу і да XVI стагоддзя горад называецца Горадзен, а сучасная назва замацоўваецца ў другой палове XVI ст.
Летапісы XII стагоддзя згадваюць Гродна як цэнтр удзельнага Гарадзенскага княства, буйны культурны, рамесны і гандлёвы цэнтр так званай Чорнай Русі. З сярэдзіны XIII стагоддзя горад у складзе Вялікага княства Літоўскага. У 1391 годзе горад атрымаў Магдэбургскае права, з 1413 года – цэнтр павета ў складзе Трокскага ваяводства. У XVII стагоддзі плошча складае 11505 км2. Падчас войнаў з Расіяй і Рэччу Паспалітай сярэдзіны XVII ст. землі павета моцна разбураны. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай заходняя частка павета адышла да Прусіі, а ўсходняя – да Расійскай імперыі ў склад Слонімскай, Літоўскай, а з 1801 г. да Гродзенскай губерні.
У 1897 годзе плошча павета складала 3770кв. вёрст з насельніцтвам 206770 жыхароў; пражывалі беларусы (праваслаўныя і каталікі), палякі, яўрэі, літоўцы, немцы, татары, рускія. У 1886-1912 гг. у складзе павета 21 воласць; адзін горад (Гродна); 11 мястэчак (Азёры, Воля, Воўпа, Вялікая Бераставіца, Друскенікі, Індура, Каменка, Крынкі, Лунна, Масты, Скідзель); 955 вёсак, мястэчак, фальваркаў і інш.; 52 царквы, 14 касцёлаў, 10 сінагог, 1 мячэць. У часы Першай сусветнай вайны ў жніўні 1915 г. акупаваны немцамі, у красавіку 1919 г. польскімі войскамі, у ліпені 1920 г. заняты войскамі Чырвонай Арміі, ўстаноўлена савецкая ўлада, створаны рэўком. Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору 1921г. адышоў да Польшчы, з 4 студзеня 1921г. у складзе Беластоцкага ваяводства. У 1927г. плошча павета складала 4743 км2 , 22 гміны, 4 гарады (Гродна, Друскенікі, Індура, Скідзель).
У лістападзе 1939 г. у складзе Беластоцкай вобласці БССР. 15 студзеня 1940 г. на тэрыторыі павета створаны Гродзенскі раён, падзелены на 17 сельсаветаў, асобныя яго часткі былі далучаны да іншых раёнаў.
У 1939-41 гг. у раёне арганізавана 30 калгасаў, 2 саўгасы, МТС.
Мірная праца была парушана 22 чэрвеня 1941г. нападам фашысцкай Германіі. Аб ўпартым супраціўленні войскам вермахта сведчаць разбураныя доты каля г. Гродна, г. п. Сапоцкіна і іншых населеных пунктаў. У абарончых баях загінулі воіны 86-га Аўгустоўскага пагранатрада, 9-га асобнага кулямётнага палка, 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна, 213-га стралковага палка 56-й стралковай дывізіі і інш. Навечна ў памяці захаваліся імёны старэйшага лейтэнанта Сівачова А. Н., лейтэнанта Усава В. М., старшага лейтэнанта Ф. П. Кірычэнкі і мн.інш.
З першых дзён фашысцкай акупацыі шырока разгарнулася падпольная і партызанская барацьба, былі створаны антыфашысцкія арганізацыі, каардынацыю дзейнасці якіх ажыццяўлялі Гродзенскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Сярод іх Скідзельская падпольная камсамольская арганізацыя, партызанскія брыгады імя Ленінскага камсамола, імя Аляксандра Неўскага.
Памяць абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны ўвекавечана ў 69 помніках і памятных знаках. На тэрыторыі Гродзенскага раёна пахаваны 8248 савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў. Падчас акупацыі дзейнічалі лагеры смерці ў раёне Фолюша і в. Калбасіна, былі спалены дашчэнту 5 вёсак: Сіні Камень, Шкленск (не адноўлены), Полымя (Дземша), Пузавічы (Партызанская).
У выніку Беластоцкай і Вільнюскай аперацый 1944г. раён быў вызвалены. Пачалося пасляваеннае аднаўленне.
У 50-80-е гг. у выніку некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформаў тэрыторыя раёна паступова набывае сучасны выгляд, ствараюцца і рэфармуюцца калгасы і саўгасы – са 189 невялікіх сельскагаспадарчых кааператываў да 17 калгасаў і 5 саўгасаў у 1993г., 16 СВК, РУСВП «Гродзенская птушкафабрыка» і РУАП «Гродзенская агароднінная фабрыка» у 2006г. Будуюцца і развіваюцца прамысловыя прадпрыемствы, найбуйнейшымі з якіх на сённяшні дзень з'яўляюцца ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат» і ААТ «Гроднахлебапрадукт».
За высокія паказчыкі (з 1975 па 1991 год) раён 10 разоў узнагароджваўся Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ, 34 разы – высокімі рэспубліканскімі ўзнагародамі. 17 кіраўнікам і працаўнікам раёна прысвоена ганаровае званне - Герой Сацыялістычнай Працы, А. І. Дубко, В. І. Крамко, В. А. Равяка – Герой Беларусі.