Главная / Новости / Новости района
22.02.2023

21 лютага у Міжнародны дзень роднай мовы у Гродзенскім райвыканкаме правялі Усебеларускую дыктоўку

 Ацаніць свае веды і валоданне беларускай мовай запрасілі супрацоўнікаў установы. І хоць за партамі дарослым людзям давялося сядзець даўно, у гэты аўторак яны старанна выводзілі словы, успамінаючы свае школьныя гады.

 – Гэта быў даволі цікавы вопыт для мяне, – дзеліцца намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага райвыканкама Анастасія Курыла. – Многія правілы беларускай мовы я ўжо запамятавала, але не скажу, што было складана. Тым больш, што апошнія гады я шмат чытаю беларускіх аўтараў, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча. Таксама са сваімі дзецьмі пішам школьныя сачыненні, таму дыктант, лічу, напісала добра.

Для сёлятней дыктоўкі быў выбраны ўрывак з твору беларускага аўтара Уладзіміра Ліпскага «Музейная гара». Чытала тэкст настаўнік першай катэгорыі, галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыіі Гродзенскага райвыканкама Святлана Калугіна.

 – Тэкст вельмі пазнавальны, не самы просты, але і не надта складаны, – расказала Святлана Калугіна. – Напісалі ўвогуле добра. Асноўныя пытанні ўзнікалі пры напісанні вялікай літары ў асобных словах. Лічу, што гэта добрая практыка напісання такіх дыктантаў і магчымасць успомніць сябе ў якасці вучняў.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі. Менавіта мова – гэта тое, што мы павінны берагчы і шанаваць – жывую і непаўторную, «вобразную і пявучую», тую, без якой не можа існаваць наш народ.

Фота Назара Халько