– Гэта быў даволі цікавы вопыт для мяне, – дзеліцца намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага райвыканкама Анастасія Курыла. – Многія правілы беларускай мовы я ўжо запамятавала, але не скажу, што было складана. Тым больш, што апошнія гады я шмат чытаю беларускіх аўтараў, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча. Таксама са сваімі дзецьмі пішам школьныя сачыненні, таму дыктант, лічу, напісала добра.
Для сёлятней дыктоўкі быў выбраны ўрывак з твору беларускага аўтара Уладзіміра Ліпскага «Музейная гара». Чытала тэкст настаўнік першай катэгорыі, галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыіі Гродзенскага райвыканкама Святлана Калугіна.
– Тэкст вельмі пазнавальны, не самы просты, але і не надта складаны, – расказала Святлана Калугіна. – Напісалі ўвогуле добра. Асноўныя пытанні ўзнікалі пры напісанні вялікай літары ў асобных словах. Лічу, што гэта добрая практыка напісання такіх дыктантаў і магчымасць успомніць сябе ў якасці вучняў.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі. Менавіта мова – гэта тое, што мы павінны берагчы і шанаваць – жывую і непаўторную, «вобразную і пявучую», тую, без якой не можа існаваць наш народ.
Фота Назара Халько